Юльян ІГНАТОВІЧ — 2020-01-13

У Музеі гісторыі Магілёва праходзіць выстава аднаго прадмета — Слуцкага пояса 1760-90-х гг.Каштоўны рарытэт прадстаўлены музею мінскім калекцыянерам Ігарам Сурмачэўскім, уладальнікам буйной калекцыі артэфактаў беларускай гісторыі і культуры. Прадмет прапанаваны для пакупкі музеем за суму, эквівалентную 1 мільярду рублёў, і ў гэты час кіраўніцтвам музея ажыццяўляюцца мерапрыемствы па пошуку сродкаў на гэтую закупку. Аднак, незалежна ад выніку, Слуцкі пояс будзе экспанавацца ў музеі да канца 2015 года.

Слуцкі пояс — выбітная гісторыка-культурная каштоўнасць сусветнага значэння. Традыцыю стварэння на Беларусі падобных паясоў заклаў у 1758 годзе Міхал Казімір Радзівіл, заснаваўшы мануфактуру па вырабе паясоў у Слуцку. Для працы над паясамі ім быў запрошаны армянін Ян Маджарскі з г. Станіславаў (Украіна).

Ужо з першых гадоў вырабу паясоў у Слуцку яны сталі набываць мясцовы беларускі каларыт, бо мастакі размяшчалі ў якасці элементаў узору замест усходняга арнаменту тыповыя беларускія элементы — валошкі, незабудкі, лісце дуба і інш. У XVIII — пачатку ХІХ стст. слуцкі пояс быў часткай багатага ўбрання шляхты, а з ужытку стаў выходзіць пасля забароны на нашэнне традыцыйнага шляхецкага строю ў 1840-я гады.

Прапанаваны музею экзэмпляр пояса мае добрую захаванасць, арнаментацыя маецца на чатырох баках пояса, яго даўжыня 3 з паловай метры, шырыня 35 см.

Убачыць рарытэт можна ў  Музеі гісторыі Магілёва з серады па  нядзелю з 10.00 да 18.00.

Юльян ІГНАТОВІЧ.