Указам Прэзідэнта краіны 2016 год аб’яўлены ў Беларусі Годам культуры. Ураду даручана сумесна з аблвыканкамамі распрацаваць і зацвердзіць рэспубліканскі план мерапрыемстваў, які закране ўсе сферы дзейнасці (культура вытворчасці і земляробства, сямейных адносін і быту, добраўпарадкавання населеных пунктаў). Значная ўвага будзе ўдзелена сферы мастацкай культуры, якая з’яўляецца адным з асноўных сродкаў выхавання ў моладзі патрыятызму і павагі да Радзімы. Таксама прадугледжваецца комплекс мерапрыемстваў, звязаны са знакавымі для Беларусі юбілейнымі датамі.
Па словах міністра культуры Барыса Святлова, Год культуры ў Беларусі будзе багаты на падзеі: «У календары 2016 года шэраг юбілейных дат. 25 гадоў «Славянскаму базару». Гэта падзея звязана з нашай навейшай гісторыяй. 75 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна — гэта таксама наш сучасны здабытак. Будзе адзначацца 95-годдзе з дня нараджэння Івана Шамякіна, 120-годдзе з дня нараджэння Кандрата Крапівы, 125-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Будзе весціся падрыхтоўка да мерапрыемстваў з нагоды святкавання юбілеяў Янкі Купалы, Якуба Коласа ў 2017-м. Чакаецца, што Кодэкс аб культуры будзе прыняты, а гэта таксама знакавая падзея, якая дае падставы гаварыць аб сістэматызацыі прававых асноў культурнай дзейнасці».
У цэлым у 2016 годзе будзе актуальнай тэма папулярызацыі беларускага мастацтва, яркіх імён. Як расказаў кіраўнік ведамства, ініцыятыва назваць 2016-ы Годам культуры прыйшла ад творчых людзей, і міністэрства яе ахвотна падтрымала. Гэта прапанова не падказана звонку, не стала перайманнем, паўтарэннем чужых ідэй. «Мы абапіраліся на логіку развіцця краіны і яе адлюстравання ў грамадскай свядомасці… Але размова ідзе не проста аб мастацкай культуры, а аб культуры ў шырокім разуменні. Гэта і культура быту, вытворчасці, і культура чалавечых адносін», — сказаў Барыс Святлоў.
Юльян ІГНАТОВІЧ.