Жыццё кожнага чалавека, так ці інакш, звязана з лесам. Данесці да кожнага жыхара планеты, што без лесу проста немагчыма падтрыманне прыроднага экалагічнага балансу — адна з мэтаў Міжнароднага Дня лесу ці Сусветнага дня абароны лясоў, які штогод адзначаецца 21 сакавіка.
Міжнародны Дзень лясоў актыўна адзначаецца і ў нашай краіне. Бо лес — нацыянальнае багацце Беларусі, на долю якога прыпадае 40 працэнтаў тэрыторыі нашай краіны.
Традыцыйна ў многіх установах культуры, дзіцячых садках, сярэдніх агульнаадукацыйных школах праходзяць розныя мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму Дню лесу.
Так, на прыканцы сакавіка для навучэнцаў 4 «Г» класа ДУА «Сярэдняя школа № 31» была прадстаўлена літаратурна-музычная кампазіцыя «Шумі, мой родны лес!». Пралогам мерапрыемства стаў невялікі дакументальны фільм пра лес і яго насельнікаў. Потым вучні здзейснілі надзвычай цікавае падарожжа ў беларускі лес, убачылі яго загадкавую непаўторнасць, прыгажосць ібагацце. Яшчэ раз пераканаліся ў невычэрпным значэнні лясоў для здароўя чалавека.
Затым хлопцам і дзяўчынкам было прапанавана пагуляць у тэматычныя гульні. Каманды выконвалі розныя заданні: адгадвалі загадкі, збіралі прыказкі пра лес, адказвалі на пытанні пра дрэвы, а таксама гулялі ў гульню аб правілах паводзін у лесе «Можна-нельга».
Пазнавальная гульня «Лес — наш сябар!» паказала, што дзеці шмат ведаюць пра нашы лясы і гатовыя клапаціцца пра іх. Немагчыма было не завесці гаворку аб запаведніках і нацыянальная парках Беларусі.Вучні праглядзелі відэа-матэрыял пра існуючыя запаведнікі на тэрыторыі Беларусі — Бярэзінскі біясферны і Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны, а таксама нацыянальныя паркі — Белавежская пушча, Браслаўскія азёры, Нарачанскі і Прыпяцкі. Таксама сярод вучняў быў праведзены конкурс малюнкаў і плакатаў, прысвечаных ахове лесу.

На прыканцы мерапрыемства хлопчыкам і дзяўчатам было прапанавана пафантазіраваць пры адказе на пытанне «Аб чым мараць дрэва?». Свае адказы на лістках паперы жоўтага і зялёнага колеру вучні прамацоўвалі на «Дрэва мараў». Адказы былі разнастайныя, але самым распаўсюджаным — «Павага людзей». А нам застаецца пажадаць, каб добрыя і светлыя мары нашага зялёнага сябра збываліся.
В.В. БУРАНКОВА,
бібліятэкар ДУА «Сярэдняя школа № 31».
I . I . КАРАТКЕВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў ДУА «Сярэдняя школа № 31».