У Бабруйску адкрыты дабрачынны рахунак па зборы сродкаў для складання праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў пасёлку Глуша пад музей вядомага пісьменніка, сцэнарыста і літаратуразнаўца Алеся Адамовіча. Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч адзначыў: «Ідэя аб стварэнні музея нашага знакамітага земляка абмяркоўваецца даўно. Таму сімвалічна, што менавіта ў Год культуры прынята канчатковае рашэнне, што музею быць, сродкі будзем збіраць на гэту добрую справу ўсёй грамадой. Мы спадзяёмся падключыць да гэтага прамысловыя прадпрыемствы, прыватных спонсараў, грамадскасць і ўсіх, хто не абыякавы да творчасці геніяльнага чалавека, які па праву з’яўляецца нацыянальнай гордасцю Беларусі».
Музей плануецца стварыць у будынку былой аптэкі (1935 года пабудовы), дзе доўгі час працавала маці Алеся Міхайлавіча. Да таго ж у гады Вялікай Айчыннай вайны аптэка была явачнай кватэрай партызан. Некаторыя падзеі адлюстраваны і ў фільмах Адамовіча.
Адкрыць музей ваеннага летапісу «Вайна пад стрэхамі» (ці хаця б частку экспазіцыі) плануецца ў 2017 годзе, калі будзе адзначацца 90-годдзе з дня нараджэння пісьменніка.
Падрыхтаваў Юльян ІГНАТОВІЧ.