Мікола ЛЕЎЧАНКА — 2020-01-13-4038

У дзяржаўнай установе культуры «Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы» з удзелам намесніка старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта  Андрэя КУНЦЭВІЧА прайшла літаратурна-мастацкая імпрэза «Песня роднай зямлі» па творчасці  вядомага паэта  Алеся КАЗЕКІ , які да таго ж узначальвае пісьменніцкую арганізацыю Магілёўшчыны.

Юбілейнае мерапрыемства адкрыў сам паэт, паколькі нядаўна яму споўнілася 60 гадоў, а затым распачалося маштабнае і непаўторнае ў сваім родзе прадстаўленне з паказам краявідаў прыгожай вёскі Чачэвічы каля маляўнічага Чыгірынскага вадасховішча на Быхаўшчыне, дзе прайшлі дзяцінства і юнацкія гады Алеся Мікалаевіча, дэкламавання прачулых патрыятычных вершаў не толькі аб сваёй любімай малой радзіме, а і аб сінявокай Беларусі наогул, вершаў, прысвечаных цудоўнай беларускай прыродзе, чыстаму каханню, зямному жыццю і ўсяму таму, што вельмі трывала знітоўвае народ з праваслаўнаю вераю, самім Усявышнім.

«… З праўдай Божаю

              ставіцца Вера мая

Да людзей. Без хлусні

                       і прымусу —

Гонар маю лічыцца

                      часцінкаю я

Асвячонай зямлі беларусаў!».

Менавіта на гэтыя рысы паэзіі высокай пробы звярнуў увагу ў віншавальным адрасе вядомаму творцу доктар гістарычных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар МАРЗАЛЮК . Выдатная паэма Казекі  “Марыйка”, зазначыу ен, заслугоўвае таго, каб яе выдалі ў Мінску асобнай, належным чынам і прыгожа аформленай кнігай, якае зойме дастойнае месца сярод лепшых дакументальна-мастацкіх твораў айчыннай літаратуры. Так будзе зроблена абавязкова. І ўручыў паэту разам з тэкставым адрасам букет кветак.

Дарэчы, названую паэму можна личыць кульмінацыйным момантам імпрэзы, бо менавіта фрагмент таго жахлівага, трагічнага дня 15 чэрвеня 1942 года ўвасобілі на сцэне студэнты аддзялення акцёрскага майстэрства ўпамянёнага каледжа. Яны пераканаўча паказалі, як Марыйка, маці Алеся, якая жыла ў той час з мачахай, ішла да сваёй сястры Вольги ў вёску Боркі, каб застацца ў яе  жыць. Але немец-карнік, што стаяў у ачапленні, нягледзячы на слёзныя просьбы, не пусціў яе туды і тым самым уратаваў ад смерці. Вёску ж Боркі разам з жыхарамі фашысты тады спалілі.

Маці праз гады паведаміла сыну тую страшную праўду, пра што паэт і напісаў у прадмове да наскрозь пранізанай болем паэмы.

Высока ацаніў творчасць Алеся Казекі намеснік старшыні ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Анатоль МАЦВІЕНКА, які ўручыў паэту Ганаровую грамату свайго творчага саюза.

Цёплыя словы казала паэту пра ягоную творчасць і ўручыла кветкі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Быхаўскага райвыканкама Тамара СЯМЁНАВА, а дапоўніў яе выступленне сваім вершам, прысвечаным слыннаму літаратару, аўтар гэтых радкоў.

Выступленні чаргаваліся тэатралізаванымі пастаноўкамі і песнямі па творах паэта. Менавіта такім чынам увасобіла акцёрская група паэтычнае апавяданне “Радоўка”, а народны тэатр Палаца культуры вобласці — вершаванае філасофскае апавяданне «Шлях».

Кампазітар Галіна СЁМІНА выдатна выканала песню на верш Алеся Казекі «Беларусь мая родная, маці зямля», а кампазітар і сябра паэта Мікола ЯЦКОЎ , аўтары сумеснага музычнага альбома «Единственный друг» — пранікнёную песню “Осень».

Пад апладысменты залы выйшла на сцэну напрыканцы імпрэзы сям’я Алеся Мікалаевіча, якая натхняе яго на творчыя поспехі. Шчырыя словы ўдзячнасці казалі бацьку і маці абедзве дочкі, прызнаючыся ў тым, што яны для іх самыя лепшыя бацькі ў свеце, будуць заўсёды з імі разам.

Разам з цікавай, плённай творчасцю вядомага земляка, аўтара сямі паэтычных зборнікаў, пастаянна будуць і яго шматлікія чытачы.

Мікола ЛЕЎЧАНКА.