У г. Быхаве прайшла літаратурна-музычная вечарына “Ўсяму пачатак тут, у родным краі” з удзелам пісьменнікаў-землякоў, якую цэнтральная раённая бібліятэка разам з імі прысвяціла Году малой радзімы. А на сустрэчу з чытачамі рознага ўзросту завіталі Алесь Казека, Сяргей Украінка, Уладзімір Ясеў і Мікола Леўчанка.
Паэт Алесь Казека, які ўзначальвае Магілёўскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі і жыве ў абласным цэнтры, на Быхаўшчыне заўсёды свой чалавек, хаця і нарадзіўся ў вёсцы Новы Юзін суседняга Кіраўскага раёна. Але потым бацькі пераехалі адтуль у вёску Чачэвічы, бліжэй да Чыгірынскага вадасховішча, і ягонае дзяцінства, юнацтва прайшлі тут. Адсюль, пасля заканчэння сярэдняй школы, паступіў у Арлоўскае вышэйшае ваеннае вучылішча сувязі, якое паспяхова скончыў і затым шмат гадоў служыў у Ціхаакіянскай пагранічнай акрузе, іншых гарнізонах Савецкага Саюза.
Калі ж СССР не стала, пайшоў у запас, вярнуўся ў бацькоўскую хату. Некаторы час настаўнічаў у мясцовай школе, дзе некалі вучыўся сам, а затым з сям’ёю пераехаў у абласны цэнтр.
Піша на рускай і беларускай мовах, выдаў зборнікі вершаў “Души моей родник», «Мелодия надежды», «Единственный друг», «Перекрестки судеб», «Час сяўбы», паэмы “Медуніца”, “Марыйка”. Алесь Мікалаевіч расказаў сваім чытачам, як ствараў гэтыя творы, прачытаў некаторыя з іх, а салістка раённага цэнтра культуры Алена Лінкевіч выканала песні “Зязюля” і ”С тобою быть позволь” кампазітара Міколы Яцкова на словы Алеся Казекі.
Паэт, перакладчык, крытык і літаратуразнаўца Сяргей Украінка — ўраджэнец быхаўскай вёскі Ніканавічы, дзе з залатым медалём скончыў школу і паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Скончыў яго, а затым аспірантуру пры Магілёўскім дзяржуніверсітэце імя А. Куляшова, настаўнічаў на Быхаўшчыне, выкладаў беларускую мову і літаратуру ў МДУ.
Друкаваўся ў многіх перыядычных выданнях і калектыўных паэтычных зборніках, выдаў кніжкі вершаў “Маё Купела”, “Белый аист, черное перо”, “9 гранаў”. Але больш падрабязна аб сваёй творчасці казаў сам Сяргей Сяргеевіч, які чытаў таксама і свае вершы.
У гэтым накірунку павёў гамонку з аудыторыяй вучоны і паэт Уладзімір Ясеў, чый жыццёвы шлях пачаўся ў Быхаве. За яго плячыма МДУ імя А. Куляшова, аспірантура БДУ, праца ў МДУ па сённяшні дзень на пасадзе прарэктара па выхаваўчай рабоце. Ён — дацэнт, кандыдат палітычных навук, аўтар зборнікаў вершаў “Палова дыні”, “Времяворот”. Добрых, між іншым, вершаў, адзін з якіх, маючы гумарыстычнае адценне і прысвечаны вялікаму аматару рыбнай лоўлі… Алесю Казеку, аўтар зачытаў.
Журналіст і пісьменнік Мікола Леўчанка нарадзіўся ў Касцюковіцкім раёне, але на Быхаўшчыне жыве і працуе з восені 1974 года, напісаў дзевяць кніжак паэзіі і прозы, у якіх з дапамогаю вершаў, апавяданняў, дакументальна-публіцыстычных твораў не толькі ўспамінае свае дзіцячыя, юнацкія гады, любуецца прыгажосцю роднага Прыдняпроўскага краю, а і паказвае ратныя, працоўныя подзвігі яго людзей у Вялікую Айчынную вайну, пасляваенны час.
Начальнік аддела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Быхаўскага раённага выканаўчага камітэта Тамара Сямёнава, дырэктар бібліятэчнай сеткі раёна Таццяна Каржова падзякавалі творцаў за змястоўную, цікавую сустрэчу, уручылі ім сувеніры.
Мікола КОЛАСАЎ.
P.S. У загалоўку выкарыстаны радкі з верша Алеся Казекі.