Міхась БУЛАВАЦКІ

Няўдалыя школьныя рэформы апошніх гадоў, асабліва пераход на 12-гадовую праграму і раптоўная адмова ад яе, выбілі настаўнікаў з наезджанай каляіны, што натуральна не паспрыяла павышэнню эфектыўнасці іх працы. У сітуацыі, калі набор у ВНУ павялічваецца і адпаведна ўзрастае патрэба і жаданне атрымаць вышэйшую адукацыю ў большай колькасці выпускнікоў школ, узнікае праблема дастатковасці школьнай падрыхтоўкі для больш-менш прыстойнага навучання ў ВНУ.

Вырашаць гэтую праблему ў такім масавым парадку наша школа яшчэ не навучылася. І людзі кінуліся шукаць памочнікаў у гэтай справе – “рэпетытараў”.

Дзяржава, якая не змагла адолець гэтае “зло”, якая урэшце прызнала карысць працы рэпетыта­раў і ўзаконіла іх дзейнасць, атрымліваючы дадатковыя падаткі ў бюджэт. Зараз хатнія настаўнікі працуюць афіцыйна, і цікава прасачыць за развіццём іх узаемаадносін са школьнымі настаўнікамі.

Шчыра скажу, калі я працаваў у школе ці ліцэі, мяне зусім не турбавала, карыстаецца хтосьці з маіх вучняў паслугамі рэпетытара ці не. Калі карыстаецца і гэта яму дапамагае, то і на здароўе. А калі б шкодзіла, то я са сваім досведам адразу б тое заўважыў і прыняў меры. Ды і сам вучань хутка разабраўся б, што дапамога рэпетытара вядзе не туды, і адмовіўся б ад яго паслуг.

А зараз, калі я ўжо стала займаюся хатнім настаўніцтвам (мне такі тэрмін падабаецца больш, чым “рэпетытар”), заўважаю цікавую рэч: некаторыя настаўнікі вельмі раўніва ставяцца да таго, што іх вучні займаюцца з рэпетытарамі. У нейкім сэнсе, настаўніка (часцей настаўніцу) можна зразумець. Вось яна выпускае свае адзінаццатыя класы, і ёй на наступны год даюць пяці­класнікаў, з якімі яна некалі дойдзе да адзінаццатага і зноў будзе тлумачыць асаблівасці вылі­чэнняў з лагарыфмамі, сінусамі-тангенсамі. Але ж за пяць-шэсць год яна прызабудзе гэтыя асаблі­васці і дзе-нідзе заблытаецца, дзе-нідзе зробіць памылку. Натуральна, што вучні (нават лепшыя з іх) гэтай памылкі не заўважаць, бо ў новай тэме яшчэ не асвоіліся. Але ж вось устае нейкая язва, якая ўжо разабралася ў гэтай тэме з рэпетытарам, і гаворыць на ўвесь клас:

– А тут у вас памылка, трэба рабіць вось так…

І настаўніца разумее, што дзяўчына мае рацыю, але як растлумачыць гэтым заціхлым у за­цікаўленым чаканні галовам, што ў яе дома свае дзеці, якія патрабуюць шмат увагі, а там справа­здача па класным кіраўніцтве, а там візіты ў праблемныя сем’і, і яшчэ, і яшчэ… І на тое, каб грун­тоўна паўтарыць няпростую тэму, часу не хапіла.

Падобныя сітуацыі сустракаюцца ў маёй цяперашняй практыцы. Прыходзіць дзяўчына і хваліцца:

– А нам настаўніца новую тэму тлумачыла, дык я ў яе памылку знайшла.

– І што?

– Сказала на ўвесь клас.

– А яна?

– Накрычала на мяне. А потым пакінула пасля ўрокаў і папрасіла, каб іншым разам я гаварыла пра яе памылкі не пры вучнях, а сам-насам.

– Так і трэба было зрабіць.

– Ага! А яна пра мае памылкі пры ўсіх крычыць.

– Дык ты рада, што адпомсціла?

– Ну не рада…

– Вось бачыш, радасці тут мала. Далей рабі так, як яна папрасіла.

Такім чынам, раблю першую выснову: рэпетытараў недалюбліваюць слабыя настаўнікі. У значнай меры гэта так. Але не заўжды. Здараецца, што скепсіс да рэпетытараў маюць і лепшыя настаўнікі. Дапамога рэпетытараў іх вучням як бы закранае іх асабісты імідж, прыніжае яго. Толькі ж гэтую сітуацыю трэба асэнсаваць больш грунтоўна.

Справа ў тым, што індывідуальнае навучанне, несумненна, больш эфектыўнае, чым калек­тыўнае. Як бы ні пацеў школьны настаўнік са сваім класам у трыццаць чалавек, ён не зможа наву­чыць кожнага, скажам, той жа матэматыцы да ўзроўню, якога ён дасягнуў бы, працуючы з кож­ным паасобку. Дзеці розныя. Адзін хутка ўспрымае і рвецца наперад, але яму: “Пачакай, іншыя за табой не паспяваюць.” Да другога ж усё даходзіць больш марудна, яму патрэбен пэўны час, каб усвядо­міць пачутае, але дзе настаўніку той час знайсці?

Маруднае мысленне не раўназначна кепскаму мысленню. Якасць такога чалавека можа быць і вышэйшай за якасць чалавека з хуткасным мысленнем. Грамадству патрэбны і адны і другія. У лётчыкі няхай ідуць тыя, хто хутка мысліць, а вось будаўнікі мастоў няхай бы думалі доўга і надзейна.

Школа ж сваім калектыўным навучаннем спрабуе паправіць прыроду, спрабуе “выраў­няць” навучэнцаў. І хочаш не хочаш, некаторым з іх для атрымання паўнацэннай адукацыі патрабуецца дадатковая дапамога. Асабліва, калі чалавек мяркуе атрымаць спецыяльнасць у нейкай прэстыжнай ВНУ.

Па гэтай прычыне кваліфікаваныя рэпетытары будуць заўсёды запатрабавальныя. А неква­ліфікаваныя? – спытаюць у мяне. Закранем і гэтае пытанне. Мне аднойчы давялося пачуць параў­нанне настаўнікаў і рэпетытараў адпаведна з урачамі і знахарамі. Мяркую, сёння ўжо не трэба да­казваць некарэктнасць такога параўнання. Усё ж любы рэпетытар мае і педагагічную адукацыю, і пэўны досвед педагагічнай працы. Скажу болей. Рэпетытар – гэта свабодны настаўнік, настаўнік рыначны. А на рынку, як вядома, існуе жорсткая канкурэнцыя, у якой выжываюць мацнейшыя. Людзі сёння асцярожныя і не аддадуць сваё дзіця і свае грошы нейкаму “Авосю”. Яны распыта­юць сяброў, сваякоў, знаёмых, у каго дзеці толькі закончылі школу і кудысьці паступілі, і ска­рыстаюцца іх парадамі.

“Рэпетытар” – з аднаго боку, слова адпаведнае, бо хатні настаўнік вытрэніроўвае (рэпеты­руе) выкарыстанне тых ведаў, якія вучань у школе ўсё ж атрымлівае. Яшчэ кажуць: рэпетытар выдрэсіроўвае (“натаскивает”) вучня на рашэнні пэўнага тыпу задач. У гэтых задзірыстых словах доля праўды маецца, бо натуральна ж рэпетытар арыентуецца ў сваёй працы з вучнем на тыя за­данні, якія традыцыйна прапануюцца на цэнтралізаваным тэстыраванні. Пераважна дзеля гэтага і прыходзяць вучні да рэпетытара. Але вопытны рэпетытар яшчэ і ўпарадкуе веды, атрыманыя вучнем у школьнага настаўніка. Бо на адным занятку рэпетытара вучань можа асэнсаваць інфар­мацыю, якую ў школе ён успрымаў маленькімі порцыямі на працягу дзесяці-пятнаццаці школь­ных урокаў і якая так і засталася ў яго памяці наборам не звязаных паміж сабой звестак. Прычым рэпетытар яшчэ і дапаўняе тыя веды (тады яго можна назваць “давучвальнікам”).

Да прыкладу, я магу навучыць маладога чалавека развязваць пераважную большасць квад­ратных ураўненняў вусна з дапамогай просценькай тэарэмы Віета. Гэтую тэарэму ў школе вывуча­юць мімаходзь дый забываюць. А тут выяўляецца, што яна значна аблягчае далейшыя стасункі з матэматыкай, бо квадратнымі ўраўненнямі пранізана школьная праграма па матэматыцы апошніх пяці год. Чалавек бачыць, як яму дапамагае гэтая тэарэма, і радуецца, больш за тое, пачынае выка­рыстоўваць яе ў класе. І тут зноў канфлікт. Настаўніца не разумее, як ён рашыў тое ўраўненне на кантрольнай (“Ты ўгадаў корані! Ці падгледзеў у каго!”), і прадбачліва зніжае адзнаку. Ёй бы самой напрасіцца на адзін урок да таго рэпетытара, але ж зноў – не хапае часу.

Мне думаецца, было б мэтазгодным упраўленню адукацыі запрасіць якога-небудзь вопыт­нага рэпетытара прачытаць пару лекцый на курсах павышэння кваліфікацыі настаўнікаў. Адной­чы я такое прапанаваў чалавеку, які займаецца арганізацыяй курсаў, і пачуў цікавае: “Зараз нас­таўнікі самі прапануюць нам, якіх лектараў запрасіць на такія курсы.” Атрымліваецца, што па­слухаць умелых рэпетытараў не хочуць самі настаўнікі? Не разумею.

Шаноўныя настаўнікі! Вам не трэба нервавацца, калі бацькі якога-небудзь з вашых вучняў знайшлі сродкі на працу з рэпетытарам. Парадуйцеся гэтаму, бо далейшыя поспехі вашых выпус­кнікоў падвышаюць і ваш настаўніцкі імідж. Праўда, тут калі-нікалі славай даводзіцца дзяліцца.

Я ведаў аднаго таленавітага хлопца, у якога быў добры настаўнік матэматыкі, але ён і з рэ­петытарам займаўся, пра што настаўнік не ведаў. Хлопец некалькі разоў перамагаў на рознага ўзроўню алімпіядах. Пазней я сказаў настаўніку, што хлопцу яшчэ дапамагаў рэпетытар. “Ага, – сказаў той, – я навучыў, а ён грошы зарабляў.” “Ну, дык, – усміхнуўся рэпетытар, калі я перадаў яму словы настаўніка, – чыёй заслугі ў тых перамогах болей, яшчэ трэба разабрацца, а буйныя прэміі і падзякі за іх толькі яму аднаму.” Як кажуць, кожнаму сваё.

Але перамогі на алімпіядах – гэта ўжо матэматычны спорт, да якога рэпетытары маюць малое дачыненне. Яны працуюць больш на агульнае матэматычнае развіццё. І было б натураль­ным, калі б настаўнікі і рэпетытары сталі паплечнікамі ў агульнай справе.

Міхась БУЛАВАЦКІ,
настаўнік вышэйшай катэгорыі, індывідуальны прадпрымальнік у галіне матэматычнай адукацыі.
bulavacki@gmail.com