Гісторыю Беларусі і геаграфію ва ўстановах адукацыі трэба вывучаць на беларускай мове — такую думку выказаў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў. Па пытанні вывучэння гісторыі і геаграфіі на беларускай мове міністр правядзе нараду з педагагічным актывам Беларусі. Плануецца, што пасяджэнне пройдзе да канца студзеня, у ім прымуць удзел прадстаўнікі навучальных устаноў усіх рэгіёнаў краіны, аўтарскіх калектываў, якія працуюць над стварэннем навучальных комплексаў, а таксама вучнёўскіх саветаў. «Вывучаць геаграфію і гісторыю Беларусі, вядома, трэба на беларускай мове. Я думаю, што паступова самі дзеці прыйдуць да таго, што захочуць вывучаць палавіну або большую частку прадметаў агульнаадукацыйнай школы на беларускай мове. Толькі праводзіць гэты працэс педагог павінен акуратна, з любоўю да мовы і разуменнем дзіцячай псіхалогіі», — сказаў міністр.
«Мы праводзілі ў БДУ спецыяльнае пасяджэнне і анкетаванне студэнтаў, педагогаў, супрацоўнікаў па вывучэнні магчымасцей выкладання прадметаў на беларускай мове. Выказванні былі як «за», так і «супраць». А гэта значыць, што тым, хто хоча вывучаць сваю спецыяльнасць на беларускай мове, трэба даць такую магчымасць», — лічыць Міхаіл Жураўкоў.
Міністр падкрэсліў, што размаўляць на роднай мове павінен кожны беларус, які паважае сябе. «У гэтым няма сумнення. Але пры гэтым мы павінны разумець, што ў Беларусі шмат жыхароў, якія размаўляюць па-руску, і працэс вывучэння імі беларускай мовы павінен быць паступовым і якасным», — рэзюмаваў Міхаіл Жураўкоў.