Каля́ды — гэта народнае зімовае свята. Працягваецца яно прыкладна 2 тыдні, да 6-7 студзеня па сучасным стылі. У гадавым коле народных земляробчых абрадаў і свят гэта свята займала першае месца. З усталяваннем хрысціянства яно было прымеркавана да рэлігійных: Нараджэнне Хрыстова і Хрышчэнне Гасподняе.
Да каляд доўга і адказна рыхтаваліся. Прыбіралі хату, стараліся пашыць новае адзенне. Лічылі, што Новы год і новае сонца непрыгожа сустракаць, калі непарадак у гаспадарцы ці ў душы. Вось і зараз стараюцца людзі да новага года дарабіць пачатыя справы, разлічыцца з пазыкамі.
Каляды — свята вясёлае. Асаблівы святочны настрой стварала, мабыць, і тое, што да пачатку работ у полі — самы цяжкі час для нашых продкаў — было яшчэ далёка. На каляды нельга было рабіць ніякую працу, ані ткаць, праць, рыхтаваць дровы . Можна было толькі весяліцца, каб падтрымаць сілы святла сваім добрым настроем.
Вучні Макранскага ВПК не засталіся раўнадушнымі да гэтага свята. Са сваёй просьбай вучні звярнуліся да працаўнікоў Макранскага сальскага дома культуры: Святланы Анатольеўны Бубелевай і Тамары Юрысаўны Ога. Вопыт ладзіць народныя святы у іх даволі вялікі. У хуткім часе наша мясцовая моладзь ужо ведала, у каго якая роля і калі давядзецца калядаваць. Вераніку Лявіцкую, Паўла Цывілька, Настассю Красніцкую, Андрэя Іванова, Максіма Шпакава, Дзіяну Кашпаронак, Надзею Шалкоўскую чакалі амаль у кожнай хаце, і гэта прыдавала настрою, жадання падарыць радасць людзям.
Першы жывёльны міфалагічны персанаж у нашых калядоўшчыкаў быў прадстаўлены казой. Каза сімвалізуе ўрадлівасць, дабрабыт, багацце. З казой і Калядамі звязаны і некаторыя сюжэты нават беларускай астральнай міфалогіі. У калядоўшчыкаў знайшлося месца і чорту. Раней пераапраналіся ў чорта з такім разлікам, каб перадаць распаўсюджаныя ў народзе ўяўленні аб яго выглядзе. Вобраз чорта мае дахрысціянскае паходжанне. У беларускiх легендах чорт у пары з Богам фiгуруе як адзiн са стваральнiкаў свету. Наш Механоша, як і ў старажытныя часы, збіраў падарункі, якімі адорвалі гаспадары калядоўшчыкаў. У гурце калядоўшчыкаў знайшлося месца і цыганам, якія ўвасабляюць этнічных чужынцаў. Вядома з гісторыі, што цыганы з’явіліся на тэрыторыі Беларусі не раней за 14 – 16 стагоддзі. Жанчыны-цыганкі варажылі, прадказвалі добрую будучыню. Вобразы чужынцаў з’яўляюцца пасярэднікамі паміж светамі, прыносяць долю, спрыяюць поспеху і дабрабыту
Асаблівае месца ў святкаванні каляд нашы продкі адводзілі абрадаваму сталу і святочным стравам. Стол, вядома, павінен быць багатым, каб наступным годам мець добры ўраджай і здароўе. На каляды, асабліва ў першы вечар, прынята было збірацца разам, усёй сям’ёй, прычым запрашалі на святкаванне не толькі жывых членаў радзіны, але і продкаў. Лічылася, што яны разам з усімі садзяцца за стол, і калі спадабаецца ім вячэра – абавязкова “замовяць слоўца” і дапамогуць жывым ва ўсіх істотных справах.
Ад той пары і да сёння захаваўся звычай ладзіць маскарад на новы год, абменьвацца падарункамі, вадзіць карагоды. Пераапрананне ў маскі мела не толькі рэлігійнае значэнне, але і псіхалагічнае. Чалавек, апрануўшы маску, ужо лічыўся быццам не самім сабою, і мог дазволіць сабе шмат больш, чым прыпісвалі строгія парадкі, асабліва ў часы хрысціянства.
На працягу калядных тыдняў сярод больш старэйшага пакалення было звычайна хадзіць у госці да родных і сяброў. Частавалі гасцей звычайна каўбасамі, стравамі з мяса, птушкі, рыбы.
Расказваць пра каляды можна бясконца. Вядома, што каляды — гэта вялікая падзея і ў наш час. Нахай збываюцць людскія надзеі, бо гэта так важна і для сучаснага чалавека.
Цывілька Алена Уладзіміраўна,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі
ДУА “Макранскі ВПК д/с — СШ”