На кожнае пакаленне людзей выпадаюць свае жыццёвыя выпрабаванні. Ды толькі няма апраўдання таму, калі гінуць людзі, калі яны становяцца ахвярамі д’ябальскага жадання ваяваць. Ахвярамі вайны сталі і дзеці. У кожнага дзіцяці ёсць мара. А марай дзяцей ваеннага пакалення было адно жаданне – выжыць. У часы Вялікай Айчыннай вайны дзеці станавіліся донарамі для нямецкіх салдат, на іх фашысты праводзілі доследы, над імі здзекваліся. Толькі на тэрыторыі Беларусі было шмат дзіцячых канцэнтрацыйных лагераў.
Ёсць сярод нас людзі, чыё дзяцінства апалена вайной. Пражывае ў маёй роднай вёсцы Мокрае чалавек. Завуць яго ЧОРСТВЫ Міхаіл Парфільевіч . На першы погляд, звычайны чалавек, пры сустрэчы абавязкова прывітаецца, усміхнецца, пагаворыць, а многія і не здагадваюцца, што ў гэтага чалавека такі незвычайны і такі складаны лёс.
Маці, Праскоўя Аляксандраўна, мела мужа, да вайны нарадзіла дачок. Але мірнае жыццё іх сям’і, як і мільёнаў тады сямей, было абарвана страшнай звесткай — пачалася Вялікая Айчынная вайна. Бацька Міхаіла Парфільевіча адразу пайшоў на фронт. У лістападзе 1944 года маці атрымала пахаронку, што бацька загінуў, а праз тыдзень, 30 лістапада, нарадзіўся Міхаіл Парфільевіч. Бацька, Чорствы Парфілій Іванавіч, так і загінуў, не ведаючы аб нараджэнні сына. Загінуў, змагаючыся за шчаслівую долю свайго тады яшчэ ненароджанага сына, за шчаслівую долю сваёй сям’і.
Цяжкім было галоднае дзяцінства хлопчыка. Што елі? Страшна ўспомніць. У хаце рос толькі адзін мужчына. Сясцёр у хаце было аж пяць: дзве родныя і тры дваюрадныя. Дваюрадныя сёстры ў час вайны засталіся сіротамі, і іх на выхаванне забрала да сябе маці Міхаіла Парфільевіча. Праскоўя Аляксандраўна гадавала трох дачок сваёй сястры, якая памерла ў час вайны ад хвароб і голаду зусім маладою. Не кінула жанчына дзяўчатак, хаця і самім часам зусім не было чаго есці. Так і прысвяціла сваё жыццё толькі сям’і, цяжкай сялянскай працы і калгасу, у якім прапрацавала ўсё жыццё. Маці ў дзяцей выхавала павагу да самай вялікай каштоўнасці – любоў да роднай зямлі, да сваёй бацькаўшчыны, да сваёй сям’і.
Рана прыйшлося пасталець хлапчуку Міхаілу. На кволыя дзіцячыя плечы лягла цяжкая сялянская праца, якая замяніла бацьку. Жыццё навучыла ўсяму, што павінен умець мужчына. У калгасе стаў працаваць з 12 год, кожнае лета дапамагаў сваёй маці і зарабляў працадні. І заўсёды прыглядаўся да дарослых мужчын: як каня запрэгчы, як араць, як сякеру ў руках трымаць… А як хацягнула да мужчын і хацелася быць падобнымі на іх. Вучыўся ў Макранскай школе, дзе скончыў 11 класаў (некалькі год пасля вайны дзеці вучыліся 11 год, а потым стала 10). Пасля школы чакала служба ў Арміі. Адслужыў тры гады ў марфлоце, спачатку вучыўся 10 месяцаў у вучэбцы ў горадзе Мікалаеве, потым трапіў на карабель, дзе быў связістам. Вярнуўшыся дамоў, паўгода працаваў вадзіцелем у ПМК-19, потым стаў зноў працаваць у калгасе вадзіцелем, пасля трактарыстам, а летам – камбайнёрам. У 1976 годзе паступіў у Жыліцкі сельскагаспадарчы тэхнікум, які скончыў у 1978 годзе з чырвоным дыпломам па спецыяльнасці аграном-арганізатар, а ў калгасе стаў працаваць інжынерам-гідратэхнікам. Апошнія гады перад пенсіяй працаваў брыгадзірам паляводчай брыгады, якая была сабрана з жыхароў Сядзіча і Сапяжынкі.
Бацька Міхаіла Парфільевіча служыў у Кранштаце ў марфлоце, а загінуў у Польскім горадзе Даўнары. Родны дзядзька Міхаіла Парфільевіча па мацярынскай лініі, Абрамовіч Мікалай Аляксандравіч, таксама ваяваў у Вялікую Айчынную вайну і загінуў у польскім горадзе Граеў.
Дачка Міхаіла Парфільевіча, Паніва Таццяна Міхайлаўна, зараз працуе ў школе настаўніцай пачатковых класаў, карыстаецца вялікай вучняў, іх бацькоў, калег, і заўсёды трымаецца бліжэй да бацькоў, дапамагае.
Узнагароджаны Міхаіл Парфільевіч шматлікімі граматамі за добрасумненную працоўную дзейнасць, таксама ўзнагароджаны медалём “Пераможца сацыялістычных спаборніцтваў” за ўдзел ва ўборачнай кампаніі.
Цяпер Міхаіл Парфільевіч — член сям’і загінуўшага. Ён паважаны чалавек як сярод дарослых, так і сярод нашых вучняў. Сваім жыццёвым прыкладам ён паказвае моладзі, што трэба любіць зямлю, працу, што самае каштоўнае на роднай зямлі – мірнае неба, шчырая сялянская праца, толькі дзякуючы працы ў чалавека будзе хлеб на стале.
Разам з Міхаілам Парфільевічам пражывала сястра, Чорствая Антаніна Парфільеўна, якая інвалід з дзяцінства і таксама з’яўлялася членам сям’і загінуўшага ў Вялікую Айчынную вайну. З жонкай Лідзіяй Максімаўнай Міхаіл Парфільевіч не аставілі сястру, дапамагалі ёй. І так разам усё жыццё, падтрымліваючы адзін аднаго, з’яўляючыся жыццёвым прыкладам для другіх.
Колькі іх такіх, як Міхаіл Парфільевіч, незаўважных ахвяр Вялікай Айчыннай, каму вайна карэнным чынам пераламала ўсё жыццё, прымусіла выжываць, але толькі не змагла вайна сцерці чалавечнасць, дабрыню ў іх сэрцах і жаданне вельмі любіць жыццё, цаніць яго кожны міг, радавацца ўзыходу сонца, першаму грому, цёпламу дажджу, паху палявых кветак…
Алена Уладзіміраўна ЦЫВІЛЬКА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі
ДУА”Макранскі ВПК д/с-СШ”.