Матэрыял да друку падрыхтавала

Свята Перамогі ў раённым цэнтры з гучнай назвай Слаўгарад святкуецца кожны год. Радзеюць рады ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, а родныя нясуць на парад фотаздымкі бацькоў, дзядоў, матуль і бабуль, каб ушанаваць іх памяць. На фотаздымках салдаты Вялікай Айчыннай вайны з баявымі ўзнагародамі, а сведкі, якія перажалі жудасныя падзеі крывавай вайны, моўчкі хусцінкай збіраюць слязу ўспамінаў ля помнікаў воінам-вызваліцелям. Малалецтва дзяцей ваеннага ліхалецця загінула ў гарніле небяспекі, барацьбы, пасляваеннага адраджэння роднай зямлі. У дзень свята Перамогі землякі наведваюць музей, дзе сабраны ўспаміны аб вайне і глядзяць з фотаздымкаў на ўсіх знаёмыя постаці франтавікоў…

Шпакаў Цімафей Данілавіч нарадзіўся ў вёсцы Віравая былой Прапойскай воласці ў 1909 годзе. Пешыя веды атрымаў у мясцовай пачатковай школе і ўжо да вайны меў 6 класаў адукацыі. У 1932 годзе пачаў ваенную службу ў мястэчку Чавусы, адкуль быў накіраваны курсантам ў ваеннае вучылішча горада Магілева.

Не было магчымасці скончыць вучылішча, бо на вучобу неабходны былі сродкі, якіх не хапала. Пайшоў працаваць у Прапойскае МТС (машына-трактарная станцыя) трактарыстам трактарнай брыгады.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Шпакаў Цімафей узначаліў дэмантаж і эвакуацыю тэхнікі МТС г.п. Прапойск (з 1945 года мае назву Слаўгарад) у накірунку Каломны. Адтуль лёс яго кідае на перадавую, дзе ў званні старшыні ваюе ў артылерыйскім разведвацельным дывізіёне да 1943 года.

Па фотаздымках і расказах аднаго з сыноў Цімафея Данілавіча – Анатоля Цімафеевіча, іх бацька ваяваў на Курскай дузе.  Менавіта ў сакавіку 1943 года Шпакава Цімафея Данілавіча прымаюць у рады Камуністычнай партыі Саюза Савецкіх Сацыялістычных республік. А пасля бацьку пераводзяць на службу ў контрразведку “Смерш” – да заканчэння вайны. Шпакаў Цімафей Данілавіч асабіста распісаўся на сцяне Рэйхстага ў горадзе Берліне. З гонарам распавядае сын пра ўзнагароды свайго бацькі Шпакава Цімафея Данілавіча, за баявыя заслугі, якімі адзначыла яго Радзіма: ордэнам “Айчыннай вайны” ІІ ступені, медалямі “За отвагу”, “За боевые заслуги”, “За оборону Москвы”, “За взятие Кенигсберга” і іншымі.

Пасля дэмабілізацыі Цімафей Данілавіч вярнуўся на Радзіму – ў горад Слаўгарад, дзе пачаў зноў працаваць у МТС – брыгадзірам трактарнай брыгады.

Цяжкі перыяд пасляваеннага аднаўлення народнай гаспадаркі выпаў на долю ўсяго савецкага народа. Але жаданне жыць у міры, працаваць на карысць дабрабыту радзімы і сваёй сям’і давала моц і жаданне ўкладваць сілы ўдвая больш у аднаўленне, разбуранага вайной чалавечага жыцця.

У 1945 годзе калектыў Слаўгарадскай МТС узяў на сябе высокія абавязацельствы і звярнуўся да ўсіх калектываў машына-трактарных станцый рэспублікі ўключыцца ва “ўсебеларускае сацыялістычнае спаборніцтва за ўзорную падрыхтоўку і правядзенне веснавой сяўбы, за  выкананне і перавыкананне плана трактарных работ…”. І менавіта 1945 год стаў для механізатараў Слаўгарадчыны двойчы пераможным.

Калгасныя трактарысты дасягнулі новых працоўных поспехаў, а франтавікі адзначылі яго перамогай над фашыстамі.

З 1954 па 1956 гады Цімафей Данілавіч прызначаецца на пасаду кіраўніка калгаса ім. Н.К.Крупскай, а потым зноў вяртаецца да сваёй трактарнай брыгады і працуе брыгадзірам Слаўгарадскай МТС амаль да рэарганізацыі Слаўгарадскага раёна (1963 года). З 1963 года пачынае працоўную дзейнаясць у якасці загадчыка цэха цаглянага завода Слаўгарадскага Прамкамбіната, дзе дырэктарам у той час працаваў Клімянкоў Сямён Паўлавіч.

Перад вайной Цімафей Данілавіч ажаніўся на сваёй каханай дзяўчыне Мельнікавай Алене Фёдараўне (1913 г.нр.), якая таксама нарадзілася ў вёсцы Віравая. Да вайны ў сям’і Шпакава нарадзілася трое дзяцей: старэйшая дачка Дзіна, сын  Міхась і дачка Нэля. Цяжкія выпрабаванні выпалі на долю Алены Фёдараўны пад час акупацыі нямецка-фашысцкімі карнікамі Прапойскага раёна. Трое дзяцей трэба было падымаць на ногі і зберагаць ад холоду, голаду і небяспекі, але ж – усё вытрымала. Нават дапамагала партызанам атрада С.В.Грышына перадаваць неабходныя звесткі, лячыць параненых байцоў, аберагаць іх блізкім. Да вайны працавала медсястрой ў хірургічным аддзяленні і адначасова закончыла медыцынскія курсы ў г. Мінску.

У пасляваенны перыяд у сям’і Шпакава нарадзілася яшчэ двое дзяцей: дачка Валянціна і сын Анатоль, за што у 1955 годзе Шпакава Алена Фёдараўна атрымала ўзнагароду “Медаль мацярынства” другой ступені.

У дружнай сям’і заўсёды растуць шчаслівыя дзеці, якія бяруць прыклад з бацькоў. А Цімафею Данілавічу і Алене Фёдараўне есць чым ганарыцца. Душа ў душу пражылі яны свой, выбраны Богам лёс, дачакаліся ўнукаў і разам адзначылі 50-гадовы юбілей.

Дачка Дзіна Цімафееўна, нарадзілася ў 1936 годзе ў вёсцы Завод-Віравая. Скончыла Слаўгарадскую сярэднюю школу №1 і паступіла ў Мінскі педагагічны інстытут імя М.Горкага на спецыяльнасць бібліятэказнаўства. Усё жыццё праработала загадчыцай бібліятэкі Дома Урада. Старэйшы сын Міхась Цімафеевіч нарадзіўся ў 1938 годзе, таксама, скончыўшы Сярэднюю школу №1, пайшоў вучыцца ў сельска-гаспадарчы тэхнікум Мар’інай Горкі, а пасля службы ў радах Савецкай Арміі, працягваў вучобу далей у Горыцкай сельска-гаспадарчай Акадэміі па спецыяльнасці эканаміст – вучоны аграном. Пасля заканчэння вярнуўся на радзіму, дзе пачаў працаваць галоўным эканамістам калгаса “Кастрычнік”. Пасля працаваў на розных пасадах: намеснікам старшыні па пытаннях сельскай гаспадаркі Слаўгарадскага райвыканкама, старшынёй калгаса “імя У.І.Ленініа” (в. Гайшын), кіраўніком упраўлення дзярж. кантролю абласногоа камітэта Магілеўскай вобласці. Дачка Нэля нарадзілася ў 1940 годзе, амаль перад пачатка Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Завод-Віравая. Закончыла сярэднюю школу №1, а пасля тэхнікум па спецыяльнасці “бухгалтар”. Працавала ўсё жыццё ў калгасе “Кастрычнік” Слаўгарадскага раёна. Дачка Валянціна нарадзілася ўжо пасля вайны ў 1946 годзе. Вучылася ў Нова-Слабацкой васьмігадовай школе, а потым скончыла вучылішча горадзе Мінску. Пасля вучобы засталася працаваць на заводзе “Колибр” наладчыцай.

Шпакаў Анатоль Цімафеевіч нарадзіўся ў вёсцы Завод-Віравая ў 1953 годзе. Скончыў Нова-Слабацкую васьмігадовую школу. Вучыўся ў музычнай школе горада Слаўгарада па класу трубы ў Лабадаеў Анатоля Афанасьевіча і па класу баян у Кананкова Анатоля Сцяпанавіча, які ў той час быў дырэктарам музычнай школы.

Пасля васьмі класаў Анатоль Шпакаў паступіў у Жодзінскае ГПТВ-75 на спецыяльнасць слесар інструментальшчык з атрыманнем сярэдняй адукацыі. Пасля вучобы праходзіў прафесійную практыку на Жодзінскім БЕЛАЗе і адтуль быў прызваны ў Савецкую Армію. Служыў у г.Барысаве. Падчас службы ў Савецкай Арміі быў прыняты ў кандыдаты членаў КПСС, а пасля арміі служыў у МВД г. Мінска.

На сваёй малой радзіме сустрэў дзяўчыну Пацёмкіну Людмілу Іванаўну і пакахаў яе на ўсё жыццё. Разам ідуць яны па жыцці амаль 43 гады. Вырасцілі дзяцей старэйшую дачку Дзіну (1975 г.нр.) і сына Андрэя (1980 г.нр.). Абодва скончылі Інстытут культуры ў г. Мінску і аддалі большую палову жыцця культурнай і асветніцкай рабоце. Маюць узнагароды Ганаровыя граматы Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі. Людміла Іванаўна Шпакава працавала кіраўніком Діцячай школы мастацтваў. Падчас кіраўніцтва Людмілай Іванаўнай былі створаны народыя калектывы “Крыніца” РЦКіНТ і “Асалода” раённага спажывецкага таварыства. Яна навучыла музыцыраваць і дала пуцёўку ў жыццё многім вядомым зараз выпускнікам, але аб гэтым ужо ёсць артыкул у газеце “Ленінскае слова” (03.11.2004), які прысвечаны 50-годдзю адкрыцця Дзіцячай школы мастацтваў. “Я ўдзячна Богу за свой творчы лёс…” падкрэслівае ў размове Людміла Іванаўна Шпакава.

Матэрыял да друку падрыхтавала

Вера Сяргееўна СТАСЕНКА,

старшы навуковы супрацоўнік

Слаўгарадскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея.

Фотаздымкі з сямейнага архіву Шпакава Анатоля Цімафеевіча.