14 красавіка а 16-й гадзіне

14 красавіка а 16-й гадзіне запрашаем на ўрачыстае адкрыццё выстаўкі “Узнагароды краін свету” з фондаў Тракайскага гістарычнага музея , якая арганізавана пры падтрымцы Пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. Тракайскі гістарычны музей існуе ўжо 77 гадоў. За гэты час сабраныя значныя калекцыі, якія адлюстроўваюць развіццё дзяржаўнасці Літвы і гісторыю Тракая. У калекцыі фалерыстыкі, якая налічвае звыш 25 тысяч адзінак, побач з дзяржаўнымі ўзнагародамі Літвы захоўваюцца разнастайныя ўзнагароды краін свету. Для выстаўкі “Узнагароды краін свету” выбраныя больш за 120 ордэнаў і медалёў з 41 дзяржавы Еўропы, Азіі, Афрыкі, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі. Большую частку – 31 экспанат – складаюць старыя і новыя ўзнагароды Літоўскай Рэспублікі.

Падчас вернісажу адбудзецца невялікая прэзентацыя каталога выстаўкі.

Выстаўка “Узнагароды краін свету” рэалізуецца ў рамках дамовы аб супрацоўніцтве Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і Тракайскага гістарычнага музея. Акрамя Магілёва яна будзе экспанавацца ў гарадах Гродна, Віцебска, Гомеля, у музеі-сядзібе М.К.Агінскага ў в. Залессе. Партнерам выстаўкі выступіла кампанія “Белдзяржстрах”.

У 2016 годзе, які аб’яўлены Годам культуры, гэты яскравы выставачны праект, які аб’яднае музеі Літвы і Беларусі, будзе садзейнічаць далейшаму ўмацаванню добрасуседскіх стасункаў паміж краінамі ў галіне гісторыі і культуры.

Выстава працуе з 14 красавіка  па 23 мая ў Музее этнаграфіі па адрасе: г. Магілеў,  вул. Першамайская. 8.