Жывуць сярод нас людзі, хто сваё жыццё прысвячае Беларусі, роднай зямлі

Жывуць сярод нас людзі, хто сваё жыццё прысвячае Беларусі, роднай зямлі, выхаванню падрастаючага пакалення, служэнню грамадству. Мікалай Уладзіміравіч   ЛЕЎЧАНКА , член Саюза пісьменнікаў Беларусі, у нядаўнім прошлым рэдактар раённай газеты “Маяк Прыднапроўя”, з’яўляецца якраз такім чалавекам, а яшчэ — гэта шчыры сябар і мудры настаўнік.

Нарадзіўся мой зямляк 13 лістапада 1953 года ў вёсцы Калодзецкая Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці (у сельсавеце дату нараджэння запісалі 1 студеня 1954 года). 

Дзяцінства было нялёгкім. Бацька, былы франтавік, пасля кантузіі ў ваенны час, стаў губляць зрок. Калі Мікалаю Уладзіміравічу было тры гады, згарэла хата. Уратаваць яе не здолелі, і потым сям’я жыла дзе давядзецца. Землякі дапамагалі хто чым мог. З цягам часу сям’я пабудавала новую хату. Жыццё пачало наладжвацца. У сям’і нарадзілася маленькая дачушка. Вось як  з цеплынёй Мікалай Уладзіміравіч піша пра сваё дзяцінства ў вершы “Дзяцінства”:

Вось тыя бярозы, дзе я басанож

Пад шоўкам блакітным нябеснага сцяга,

Трымаючы дзедам падораны нож,

Сабе майстраваў абмысловую шпагу.

Навошта яна была мне, хлапчуку,

Калі меў багата цікаўнейшых кніжак

І днямі чытаць мог пра шчасця раку,

Лясное жыццё касалапенькіх мішак.

Дзяцінства, час гульняў, хвалюючых мар,

Яго мы з гадамі шчэ зробім аналіз,

Ды толькі другім ужо стане наш твар

Як толькі пазбегнем душы анамалій.

Тады ўсё па-іншаму будзе. Ну што ж,

Яскрава ўбачу сваіх слоў адбіткі,

Адточаных добра як дзедаўскі нож,

Пад колер свае паэтычнае ніткі.

Юнацтва таксама было нялёгкім, трэба было самому прабіваць дарогу ў жыццё. Пасля заканчэння сярэдняй школы Мікалай Уладзіміравіч служыў у арміі, у Групе савецкіх войскаў у Германіі. Пасля скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Мінскую вышэйшую партыйную школу. З 1974 годапісьменнік пачынае працавацьў сродках масавай інфармацыі. У снежні 1991 годабыў назначаны на пасаду рэдактара газеты “Маяк Прыдняпроўя”.

Сябраваў мой зямляк  з Аляксеем Васільевічам Пысіным, які і даў яму пуцёўку ў пісьменнасць. Некалі Аляксей Пысін блаславіў нашага земляка і  сказаў, што трэба пісаць, не трэба астанаўлівацца на дасягнутым: “…Адчуваю, што ў цябе, Мікола, будуць добрыя ўдачы, толькі не спяшайся, болей працуй над кожным вершам, будзь сам сабе строгім крытыкам і рэдактарам”.  Тады Аляксею Пысіну вельмі спадабалася нізка вершаў Мікалая Уладзіміравіча, якія ён надрукаваў пасля дэмабілізацыі з арміі. Аляксей Пысін не раіў займацца журналістыкай, бо лічыў зусім немагчымым сумяшчаць літаратурную дзейнасць і журналісцкую.

Яму Мікалай Уладзіміравіч прысвяціў верш “Памяці Аляксея Пысіна”, які ўвайшоў у паэтычны зборнік міколы “Шчырасць”:

Палыном зараслі бліндажы,

І не сыплюць свінцом кулямёты.

Ды і зараз, ты мне не кажы,

Часта сняцца стралковыя роты.

Посвіст куляў, разрывы гранат,

У смяротнай агоніі коні.

І кароткі, як выстрал, загад:

“Тэрмінова фарсіраваць Проню!”

Рэха бою гуло ў лясах,

Хтосьці лаяўся, верачы ў Бога,

Несучы на гарачых штыках

Разам з сонцам далей перамогу.

І аб подзвігу слаўных байцоў,

Тых, хто крочыў на ворага першым,

Нам гавораць пра столькі гадоў

Франтавыя ягоныя вершы.

Знаёмства з Пысіным стала моцным штуршком для творчасці. А як доказ: мы зараз маем дзевяць кніг пісьменніка-земляка і шмат друкаваных матэрыялаў у перыёдыцы.

Мікалай Уладзіміравіч з’яўляецца выдатным  паэтам і празаікам, публіцыстам і журналістам.   Шматгадовая і добрасумленная праца кіраўніка адзначана Ганаровымі граматамі раённага і абласнога выканаўчых камітэтаў, абласнога Савета дэпутатаў, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускага Саюза журналістаў

У 2003 годзе Мікалай Уладзіміравіч узнагароджаны знакам “Выдатнік друку Беларусі”, а ў 2005 г. на з’ездзе журналістаў яму было прысвоена званне “Заслужаны журналіст Беларускага Саюза журналістаў”. Ён з’яўляецца лаўрэатам спецыяльнай прэміі Беларускага саюза журналістаў “Залатое пяро”, лаўрэатам спецыяльнай прэміі Магілёўскага аблвыканкама “Чалавек года-2005”, уладальнікам  Гран-пры IVНацыянальнага конкурсу “Золотая литера”, “Ганаровы грамадзянін Быхаўскага раёна”.

Кніга “Крылатая гвардыя” пісьменніка прысвечана 57-аму Смаленскаму Чырвоназнамённаму марскому ракетаноснаму злучэнню, якое пасля распаду СССР базіравалася ў горадзе Быхаве. Кніга “Урокі мужнасці” — аб ураджэнцах Быхаўшчыны, якія сваёй плённай працай праславілі свой край у гады другой сусветнай вайны. Кніга “Непраходзячы боль” складаецца з успамінаў дзяцей, ураджэнцаў Быхаўшчыны, узнікаў канцэнтрацыйных лагераў, якія былі вывезены ў Германію ў Вялікую Айчынную вайну. У 2014 годзе выйшла ў свет кніга Мікалая Уладзіміравіча “Сузор’е герояў”. У ёй расказваецца пра Герояў і дважды Герояў Савецкага Саюза, Герояў Расійскай Федэрацыі,кавалерах ордэна Славы – ураджэнцах Быхаўшчыны і не толькі, якія ваявалі або служылі тут у розныя гады.

У Мікалая Уладзіміравіча шмат вершаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. Напрыклад, верш “У ліпені 1941-га”:

Падалі кулямі збітыя

Яблыкі ў садзе на грудзі зямлі.

Ляжалі ўсюды забітыя,

Параненыя – вайну клялі.

Даносілася да слыху:

 “Хай Гітлера гром заб’е!”

Ліпень спёкаю дыхаў

І стракатаў у траве.

Не кулямётам, а конікам,

Мірным, здзічэлым зусім.

Ляцеў ашалелым коннікам

Вайсковы загад усім.

І зноў працяжна зарыкаў

Параненым тыграм прастор.

Жыццё прадсмяротным крыкам

Пакінула нечы двор.

Пакінула, не вярнулася,

Да скону баліць жывым.

Мы ж кажам падчас: “Абярнулася

голубам агнявым”.

Кожны з нас павінен ведаць, што няма найдаражэй скарбу, як наша Беларусь, наша беларуская зямля, наша беларуская мова, наша культура і звычаі. Шануючы сваю спадчыну, мы атрымліваем права людзьмі звацца. Ведаючы пра гэтыя каштоўнасці, Мікалай Уладзіміравіч у вершы “Беларусі” жадае роднай краіне “еднасці”, а народу – “моцы і здароўя”:

Цяплом зямля спавіта і сагрэта,

І не курлыча жураўліны клін,

Ды ўжо відаць, як дагарае лета

Паўсюдна зыркім полымем рабін.

Яно зусім не грэе, не лагодзіць

Маю неўтаймаваную душу,

А за рачулкай жнівень карагодзіць,

Хоць я яго аб гэтым не прашу.

Прашу даўно і вельмі шчыра ў Бога,

Сівую нахіляю галаву,

Каб еднасці шчаслівая дарога

Ніколі не хавалася ў траву.

Каб даў народу моцы і здароўя,

Каб ён спяваў званчэй за салаўя…

Прашу ўвесь час з сыноўняю любоўю

Табе, старонка мілая мая!

Боль, які прынесены Вялікай Айчыннай вайной невымяральны. У 2020 годзе мы адзначым 75-годдзе Вялікай Перамогі над фашызмам. Зараз мы працягваем захоўваць у сваёй гісторыі і ў сваіх сэрцах радасць Вялікай Перамогі.  Мікалай Уладзіміравіч з трывогай піша ў вершы “Краскі”:

Зацвілі, запалымнелі краскі

Пад шатром разгалістых ракіт,

І не бачна заржавелай каскі

На пакатым беразе ракі.

Тут калісьці воіны да скону

Пад прыцэльным кулявым агнём

Вытрымалі дружна абарону

Пачарнелым ад пакутаў днём.

Ярка палымнеюць летам краскі

Пад шатром разгалістых ракіт.

Добра, што няма прабітай каскі,

І ў вадзе гайдаецца блакіт.

Мы разумеем, што вайна — гэта самае страшнае гора ў жыцці чалавецтва. Мікалай Уладзіміравіч у сваіх кнігах заклікае моладзь берагчы мір на роднай зямлі – найдаражэйшы скарб. Кожны народ павінен ведаць сваю гісторыю, продкаў, мову. Бацька Мікалая Уладзіміравіча ваяваў. Мікалай Уладзіміравіч усё жыццё вельмі любіць свайго тату, які часта расказваў сыну пра вайну. Перажытае бацькам і яго пакаленнем Мікалай Уладзіміравіч імкнецца запісаць, занатаваць у сваіх кнігах. Перажытае старэйшым пакаленнем трэба ўкладаць у дзіцячыя галовы, бо гэта падмурак шчаслівага будучага нашых дзяцей. Свайму тату і яго пакаленню паэт прысвяціў вершы. Вось адзін з іх. Гэта верш “Ля тэлевізара”, у якім словы апошняга радка сталі сімвалам многіх людзей назаўжды:

Вайна, ствалы гармат, бінты і кроў,

Халодны пот — маёй трывогі віза,

Ад выбухаў шалёных зноў і зноў

Страсаецца маленькі тэлевізар.

У сполыхах пажараў Перакоп,

Агонь і дым атаку праглынулі,

Ды ўсё ж відно, як падае ў акоп

Салдат бязвусы ад варожых куляў.

Ён памірае ад смяротных ран,

Сутаргавата ўздрыгваюць плечы.

Перанясе хіба толькі экран

Такі страшэнны боль нечалавечы.

Нічога не ўспрымае болей зрок,

Прастуджана хрыпяць у бацькі грудзі,

Ледзь чую: “Лепей выключы, сынок,

Хай назаўжды забудуць войны людзі!”

Пасляслоўе.

Зараз Мікалай Уладзіміравіч на заслужаным адпачынку. Але яго «неўтаймаваная душа» патрабуе творчасці. Пісьменнік не сядзіць на месцы, знаходзіць новыя тэмы, працягвае друкавацца. У 2018 годзе з друку выйшла новая кніга пад назвай «Героі вызвалення», у якой расказваецца пра Герояў Савецкага Саюза, якія здзейснілі подзвігі ў час вызвалення Быхаўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў або вызвалялі яго ўжо будучы Героямі, аб поўным кавалеру ордэна Славы усіх трох ступеняў, уладальнік якіх прыраўноўваецца да звання Героя СССР. Мікалай Уладзіміравіч Леўчанка — вялікі творца, чалавек, які сам сябе зрабіў, які змог праславіць і прасляўляе Быхаўшчыну і Беларусь сваёй дзейнасцю і творчасцю.

Алена Уладзіміраўна ЦЫВІЛЬКА,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры

вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі

ДУА”Макранскі ВПК д/с-СШ”.