Алесь Сабалеўскі

Па-сучаснаму падышлі да ідэі правядзення краязнаўчай экскурсіі ў Магілёве.  Грамадскае аб’яднанне Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны разам з велапракатам «Возьми покататься» і пры падтрымцы кампаніі Cukerki.by арганізавалі вандроўку па гістарычным цэнтры гораду на роварах (веласіпедах).

У чэрвені велаэкскурсію правёў магілёўскі беларускамоўны экскурсавод-краязнавец Алег ДЗЬЯЧКОЎ, і першая ж гэткая падзея адразу сабрала вялікую колькасць велааматараў, якія пажадалі даведацца нешта новае з гісторыі роднага гораду не расстаючыся са сваім двухколавым сябрам. Да таго ж аб’ехаць на ровары можна значна болей цікавых аб’ектаў і мясцін, чым за той жа час абысці пешшу.

Першая велаэкскурсія працягнулася нават даўжэй запланаванага часу —  больш за тры гадзіны, але велападарожнікі паспелі аб’ехаць толькі частку старога Магілёва ў ваколіцах Дубравенкі, таму ўдзельнікі экскурсіі актыўна падтрымалі ідэю працягнуць гэтую добрую справу.

І ў другі раз — у верасні — не гледзячы на халаднейшае восеньскае надвор’е, сабралася не менш зацікаўленых нашай гісторыяй раварыстаў, нават дадаліся новыя ўдзельнікі. У гэты вечар кампанія праехалася старымі завулачкамі і дварамі Ленінскай — былой Садовай вуліцы, ужо ў прыцемку наведала Падніколле і завяршыла маршрут на так званым Школішчы, на ўзбярэжжы Дняпра.

Будзем спадзявацца, што такія велаэкскурсіі стануць традыцыйнымі, бо шмат яшчэ розных месцаў роднага краю можна аб’ехаць і паглядзець, дазнацца нечага невядомага з гісторыі, і ровар для гэтага — найлепшы сродак вандровак у прасторы, а захапляльныя расповеды цікавага экскурсавода — і ў часе.

Алесь Сабалеўскі,  

Магілёў.