У суботу, 6 чэрвеня, “Надзея-Днепр” згуляла другі чвэрцьфінальны матч Кубка Беларусі

У суботу, 6 чэрвеня, “Надзея-Днепр” згуляла другі чвэрцьфінальны матч Кубка Беларусі супраць гродзенскай “Нівы-Белкард”. Нагадаем, што сустрэча ў Гродна 14 мая завяршылася перамогай магіляўчанак з лікам 3:1. Для працягу удзелу ў турніры “Ніва-Белкард” павінна была перамагаць з розніцай ў тры мячы. Але гэтым разам “Надзея-Днепр” зноў была мацней – 2:1.

Напрыканцы першага тайма Вольга Мелканянц адважылася на стрэл з-за межаў штрафной пляцоўкі і не пралічылася – 1:0. Пасля перапынку гродзенскія дзяўчаты з дапамогай эфектнага удару галавой Лідзіі Шпак здолелі аднавіць раўнавагу, аднак праз 10 хвілін Аксана Драноўская скарысталася памылкай галкіпера саперніка і вывела “Надзею-Днепр” наперад. Такім чынам, у паўфінале, гульні якога адбудуцца 31 кастрычніка і 8 лістапада, каманда пазмагаецца са сталічнай “Зоркай-БДУ”.