ЧАСТНЫЕ ОБЪЯВЛЕНИЯ
ДЕНЬ ЗА ДНЕМ
КУРСЫ ВАЛЮТ
"СЕЙЧАС СКАЖУ!"
РЕКОМЕНДУЕМ
ГАЗЕТА
ДЛЯ ДОМА, СЕМЬИ
И ЛИЧНО ДЛЯ ВАС

ЧИТАЙТЕ
в свежем выпуске
№ 19 за 10 октября, 2017 г.:

Нет осенней хандре!
Вопросы-ответы о пенсии.
Работы на даче в октябре.
Воспитание детей без крика.
Как расставаться красиво?
ПОЛЕЗНАЯ
ГАЗЕТА
О ЖИВОТНЫХ

ЧИТАЙТЕ
в свежем выпуске
№ 10, октябрь, 2017 г.:

Увеличиваем яйценоскость кур.
Всё о домашних индюках.
Составляем рацион для свиней.
Как собаки видят наш мир?
Определяем возраст кошки.
Радости и гадости нашего городка
Зверьё моё

КІТАЙ:
ПАБАЧЫЦЬ НА СВАЕ ВОЧЫ

Высокія тэхналогіі найноўшага часу, самабытная культура, якую ні з чым не параўнаць, адна з самых складаных і адначасова цікавых моў у свеце, а таксама найбагацейшая гісторыя, што доўжыцца тысячагоддзі. Гэта Кітай – краіна, якая вабіць сваёй прыгажосцю і таямнічасцю ўвесь свет.

 

Але яна адкрываецца далёка не ўсім. Падняць заслону здолеюць толькі самыя смелыя і цярплівыя. Напэўна, менавіта такімі з’яўляюцца вучні гімназіі №3 г. Магілёва, якія пабачылі Кітай на свае вочы.

 

Хадасевіч Паліна, Азаранка Ангеліна, Каплан Паліна, Мельнікава Лізавета, Чукава Паліна– творчыя, цікаўныя і мэтанакіраваныя дзяўчынкі. Іменна гэтыя якасці дапамагаюць ім рэалізаваць сябе – яны пераможцы гарадскога, абласнога этапаў алімпіяды па кітайскай мове. Вывучаць слова Паднябеснай дзяўчынкі пачалі ў гімназіі, дзе ў рамках міждзяржаўнага праекту ў снежні 2016 года адкрыўся Клас Канфуцыя пры МДЛУ. “Нам проста сказалі, што будзе магчымасць вывучаць кітайскую з носьбітам мовы. Я люблю эксперыменты, таму і вырашыла паспрабаваць”, – дзеліцца ўспамінамі Ангеліна.

 

Тады дзяўчына яшчэ нават не ўяўляла, што праз паўгода ў яе пашпарце з’явіцца віза КНР. Цяпер юныя філолагі маюць за плячыма два тыдніпаглыблення ў кітайскую культуру. Вядома, такога не знойдзеш у Беларусі. Пазнаёміцца з новай краінай вучаніцам гімназіі дапамаглі два кітайскія ўніверсітэты:Паўднёва-ўсходні ў г. Нанкін і Тэхналагічны ўніверсітэт г. Далянь.Яны прымалі гасцей з Беларусі 15-29 чэрвеня і 2-16 ліпеня.

 

Трапіць у новую краіну заўсёды цікава, але Кітай вельмі незвычайнае месца. Як вас сустрэла Паднябесная? Не падалася дужа экзатычнай?

 

– На самай справе, Кітай – экзатычная краіна. Далёка не такая, як наша. Аднак яна спадабалася мне з першага позірку. Мяне ўразіў выгляд людзей, Далянь – горад, у якім мы жылі з Палінай Чукавай. Таксама надзвычай цікавымі падаліся будынкі. Натуральна, яны не падобныя да нашых: тут, у Кітаі, вельмі кантрасна спалучаецца як сучасная, так і старажытная, традыцыйная архітэктура, – успамінае Ліза.

 

– А ў маёй памяці добра адбіўся пашпартны кантроль, – уключаецца ў размову Ангеліна,якая адпачывала ў Нанкіне разам з Палінай Каплан і Палінай Хадасевіч. – Калі супрацоўнікі аэрапорта правяралі нашы дакументы, цяжка было не адказаць на іх шчырыя ўсмешкі тым жа самым.

 

Неўзабаве вы абсталяваліся і адпачылі, затым адразу пачаліся працоўныя будні. Распавядзіце пра свой звычайны дзень.

 

– Мы прачыналіся прыблізна а шостай гадзіне раніцы (01:00 па беларускім часе), снедалі ў гасцініцы і ішлі на заняткі. Спачатку – дзве пары, прысвечаныя граматыцы, лексіцы – усяму, што тычыцца мовы… – пачынае Ліза.

 

– А пасля абеду і непрацяглага адпачынку – пара, на якой праходзілі майстар-класы па кітайскіх мастацтвах. Увечары – экскурсіі і вольны час, – заканчвае Паліна Каплан. – У нас быў прыблізна аднолькавы расклад.

 

– У вас адбываліся штодзённыя заняткі з настаўнікамі-валанцёрамі. Ці лёгка было здабываць веды?

 

– Усё залежала ад настаўнікаў: у нас іх было двое. Адна выкладчыца, не разумеючы па-руску, вядзе пары на кітайскайі радзей на англійскай мове. Другая настаўніца размаўляла і на рускай, і на кітайскай мовах, таму з ёй было крыху лягчэй, – дзеліцца Паліна Чукава.

 

– Мы паўтаралі тое, што ўжо ведалі, а таксама практыкаваліся ў вымаўленні. Гэта вельмі карысна, бо часта інтанацыя выражае і лексічнае значэнне сказанага,– тлумачыць Ангеліна.– Гутарка з сапраўдным носьбітам мовы, як мне здаецца, надзвычайны вопыт.

 

– Вы карысталіся кітайскай мовай у паўсядзённым ужытку?

 

– Так, карысталіся, асабліва калі шпацыравалі па горадзеў вольны час. Выказваліся на кітайскай часцей за ўсё ў крамах. Праўда, бывала па-рознаму: парой хваля жывой мовы была неверагодна моцнай. Стаіш, напрыклад, на касе і не разумееш, ці табе прапаноўваюць пакет, ці ты грошай мала дала, – жартуе Паліна Хадасевіч, успамінаючы цікавыя моманты вандроўкі.

 

– Існуюць супярэчлівыя меркаванні пра кітайскую кухню. А якой яна падалася вам?

 

– У параўнанні з нашай – нязвыкла вострая і салёная. Салодкага ж, наадварот, вельмі мала: кітайцы клапоцяцца пра сваё здароўе. Таксама ў Паднябеснай ядуць неверагодную колькасць рысу. Зрэшты, мы харчаваліся ў атэлі, дзе гатуюць дастаткова шмат еўрапеўскай ежы, таму, можа быць, мае думкі неаб’ектыўныя, – разважае Паліна Каплан.

 

Такая славутасць, як Вялікая Кітайская сцяна, вядомая ва ўсім свеце.Ці зможаце вы адкрыць для чытачоў новыя цікавыя месцы? Што яшчэ ўдалося пабачыць?

 

– Мы наведалі шмат незвычайных славутасцей. Па-першае, шпацыравалі па Нанкіне ў вольны час: гэта былі і гандлёвыя цэнтры з яскравым афармленнем, і старажытныя будынкі, і Нанкінская гарадская сцяна. Па-другое, арганізоўвалася вельмі шмат экскурсій, таму мы паспелі пабываць у Сучжоу – у горадзе, вядомым каналамі і прыгожымі мастамі, у Шанхаі – найбуйнейшым марскім порце свету. У Нанкіне таксама з’ездзілі ў маўзалей Сунь Ятсена, лідара кітайскай дэмакратычнай рэвалюцыі. Трэба было прайсці амаль чатырыста прыступак, каб трапіць у пабудову! – успамінае свае намаганні Паліна Хадасевіч. – Але гэта таго варта.

 

– Мне спадабаўся Далянь: на аглядавай экскурсіі незвычайна было пачуць рускія назвы вуліц у кітайскім вымаўленні. Справа ў тым, што горад да Руска-японскай вайны належаў Расійскай імперыі і называўся Дальні, тут знаходзілася крэпасць Порт-Артур. Таксама ніколі не забуду Пекін і Забаронены горад, уключаны ЮНЕСКА ў лік найбуйнейшых у свеце збораў старажытных драўляных пабудоў, – з захапленнем расказвае Паліна Чукава.

 

– Калі мы пачалі размову пра архітэктуру, варта пагаварыць і пра кітайскія мастацтвы. Якія з іх вы бачылі на свае вочы? Што запомнілася больш за ўсё?

 

– Як казала Паліна, кожны дзень праводзіліся розныя майстар-класы. На каліграфіі нас вучылі быць цярплівымі і стараннымі, а таксама тлумачылі, што напісаныя на чырвонай паперы кітайскія сімвалы прыносяць у дом шчасце і згоду. На гэтых занятках я зразумела, што не ўмею пісаць іерогліфы. Трэба будзе яшчэ пазаймацца, думаю, хутка буду не горшай за кітайцаў, – іранізуе Ангеліна.

 

– Гэтак жа нас пазнаёмілі з традыцыйным кітайскім жывапісам гохуа. Мяне вельмі зацікавілатайдзіцюань – незвычайнае спалучэнне ёгі і баявых мастацтваў. Напэўна, дзякуючы гэтым практыкаванням кітайцы доўга жывуць. На адзін з майстар-класаў для нас спецыяльна запрасілі шэф-повара мясцовага рэстарана. Ён расказваў, як гатаваць вантоны – пельмені “па-кітайску”, што звычайна ядуць з супам на Новы год, – адказвае Ліза.

 

– Як вы можаце ахарактарызаваць жыхароў Кітая?

 

– Кітайцы абсалютна не падобныя да еўрапейцаў, у іх зусім іншае выхаванне. Жыхары Кітая – пазітыўныя людзі, якія дасягаюць сваіх мэт у любым выпадку. У гэтым ім дапамагаюць настойлівасць і мудрасць, – зачаравана кажа Паліна Хадасевіч. – Кітайцы – гэта тыя людзі, што прызвычаіліся задавольвацца малым, бо вялікае яны беражліва хаваюць у душы.

 

– Якія парады вы б далі людзям, што хочуць трапіць у Кітай?

 

– Я б параіла спачатку вывучыць мову, таму што без яе будзе надзвычай складана, – падсумоўвае Ліза. – А пасля сказала б: хутчэй збірайцеся ў дарогу! Кітай – гэта краіна, не падобная ні на якую іншую. Гэта месца, якое трэба ўбачыць на свае вочы.

 

“Вандроўка ў тысячу міль пачынаецца з аднаго кроку”, – кажуць кітайскія мудрацы. Паліна, Ангеліна, Паліна, Ліза, Паліна, вучаніцы гімназіі №3, ужо пачалі свой шлях, і іх першы крок вельмі істотны. Спяшайцеся разам з імі! Зрабіце і вы свой першы крок да таямнічага і прыгожага Кітая.

 

Мацвей ЗАЙЦАЎ.

 

 

Фота з асабістых архіваў


Комментарии к статье


Имя:


Город:


Комментарий:

Внимание! Комментарий появится на сайте после прохождения модерации.


© Общество с ограниченной ответственностью "Газета "ВЕЧЕРНИЙ МОГИЛЕВ". УНП 700008922.
Юридический адрес: 212030, г. Могилев, ул. Первомайская, 89. Телефон 32-71-16.
Свидетельство о государственной регистрации № 800. Выдано Министерством информации Республики Беларусь 24.11.2009г.
Все права защищены. Использование информации допускается только со ссылкой на источник.

Создание сайта Yanina Protskaya