ЧАСТНЫЕ ОБЪЯВЛЕНИЯ
ДЕНЬ ЗА ДНЕМ
КУРСЫ ВАЛЮТ
"СЕЙЧАС СКАЖУ!"
РЕКОМЕНДУЕМ
ГАЗЕТА
ДЛЯ ДОМА, СЕМЬИ
И ЛИЧНО ДЛЯ ВАС

ЧИТАЙТЕ
в свежем выпуске
№ 12 за 20 июня 2017 г.:

ЭКГ многое не показывает?
Что не говорят пьяному мужу?
Как сделать пасту Амосова?
Выбираем кровать в детскую.
Какие цветы не надо нюхать?
ПОЛЕЗНАЯ
ГАЗЕТА
О ЖИВОТНЫХ

ЧИТАЙТЕ
в свежем выпуске
№ 6, июнь, 2017 г.:

Чем нельзя кормить пернатых?
Как определить возраст кур?
Если у собаки текут слюни...
Кошка обдирает обои?
Сколько молока даст коза?
Радости и гадости нашего городка
Зверьё моё

«СВЯТОЧНЫ
СЮРПРЫЗ»

Дзядуля Васіль ад шчасця знаходзіўся на сёмым небе. Хоць які яшчэ дзядуля ў няпоўныя пяцьдзесят пяць гадоў: па-ранейшаму высокі, рухавы, зграбны, хіба толькі ў чубе срэбныя павуцінкі з’явіліся ды крыху акругліўся жывот. А так яшчэ малайчына, цану сабе ведае. Часам калі кульне чарку і з’явіцца асабліва добры настрой, тады пачынае жартаваць, намякае жонцы, што мужык ён яшчэ ў самым саку, бо не раз лавіў на сваёй постаці позіркі маладзейшых па ўзросце жанчын.

 

Баба Валя, таксама яшчэ маладжавая кабета, толькі дабрадушна пасмейвалася з замілаваннем, як і трыццаць гадоў таму, гледзячы на свайго Васілька. А той не змаўкаў ні на хвіліну. Ён радаваўся, нібы малое дзіця, паколькі да яго ў госці на навагоднія святы прыехаў малодшы сын са сваёю трохгадоваю дачушкаю Дашаю, якую дзядуля любіць так, як ніколі не любіў, напэўна, сына. Яно так у жыцці бывае заўсёды. Да сваіх родных дзяцей звычайна ставішся строга, часам залішне строга, а калі з’яўляюцца ўнукі, тады з вышыні пражытых гадоў пачынаеш разумець тую залішнюю строгасць, у душы папракаць сябе. Толькі час назад не павернеш, і пачынаеш тады выпраўляць свае бацькоўскія памылкі ў адносінах да ўнукаў, люляць іх, дазваляючы сабе тое, аб чым у маладосці і думаць не мог.

 

Вось і наш Васятка дазволіў, бо ўнучка яго інакш не называла, як дзядушачка-душачка. У такіх выпадках ён ажно млеў ад замілавання. Пэўна, таму і вырашыў зрабіць сваёй сталічнай унучцы незвычайны святочны навагодні сюрпрыз. Адгадайце які? Лепей не ламайце галовы, усё роўна не адгадаеце.

 

Напачатку і я думаў, што гасцінны дзядуля накупіў розных цацак, ласункаў, але памыляўся. Прысмакі з цацкамі прыгатавала бабуля Валя, а ейны каханенькі-родненькі свой падарунак трымаў у сакрэце. Ён толькі, калі добра сцямнела, чамусьці раз-пораз выходзіў на вуліцу, нешта корпаўся ў снезе, а потым зноў вяртаўся ў хату.

 

Уся сям’я тым часам займалася сервіроўкаю навагодняга стала, на кухні нешта ўсё сквірчэла, смажылася, варылася, а пах ішоў такі, што кожнаму хацелася хутчэй сесці за раскладзены вялікі стол. Толькі да апоўначы заставалася яшчэ цэлая гадзіна. І якраз у гэты прамежак, бліжэй да бою курантаў на Крамлёўскай вежы, занадта вясёлы, узрушаны дзядушачка-душачка вырашыў зрабіць любімай унучачцы абяцаны загадкавы сюрпрыз. Ён зайшоў у залу і, звяртаючыся да дзяўчынкі, урачыста мовіў: “Хадзем са мною на вуліцу, даражэнькая, а вы хвілін праз пяць глядзіце ў вакно, калі хочаце ўбачыць такое, чаго яшчэ не бачылі!”. Узяўшы малую за руку, пайшоў на вуліцу.

 

Усе прыпалі да аконнага шкла. Вось дзядуля Васіль з Дашаю мінулі ліхтар, які цьмяна асвятляў прыдамавую тэрыторыю, накіраваліся ў глыб двара. Там абяцальнік сюрпрыза прысеў на кукішкі, у ягоных руках успыхнула святло, а потым нешта моцна зашыпела, засвістала, над галовамі ўзнік гучны стрэл, ад якога маленькая госця ажно прысела. На яе вачах са снегу і на невялікую вышыню ўзляцела нешта доўгае, вогненнае, затым з шыпеннем упала на снег, пачаўшы кружляць вакол іх. Той ухапіў дзяўчынку на рукі, прыціснуў да сябе, а вогненная істота, шпарка зрабіўшы яшчэ некалькі кругоў, пад вуглом недзе ў сорак пяць градусаў узнялася ў паветра і паляцела за гаражы, дзе пачыналіся хаты. Літаральна праз хвіліну там асвятліла неба яркая ўспышка з нейкім незвычайным трэскам. “А божачка ж ты мой, што гэта я нарабіў, хату нечую падпаліў”, — мільганула ў дзядулевай галаве думка. Ён, яшчэ мацней прытуліўшы да сябе малечу, подбегам кінуўся ў свой дом.

 

Там іх чакалі. Дарослыя дзякавалі гаспадару за такі нечаканы навагодні сюрпрыз, ужо весялілася і крыху напалоханае дзяўчо, толькі Васіль яўна быў не ў гуморы. Калі ў яго пыталіся, чаму сапсаваўся настрой, махаў рукою. І толькі жонцы, калі тая пацікавілася прычынаю хуткай змены настрою, усё расказаў, як на духу. І зрабіў выснову: “Не здзіўлюся, калі хутка да нас завітае міліцыя. Хоць бы Новы год дазволілі сустрэць з сям’ёю, а тады ўжо няхай бяруць”.

 

Жонка нічога не паспела сказаць, як пад вокнамі завуркатаў матор легкавіка. Васіль, які ўсё сваё працоўнае жыццё рабіў шафёрам, схамянуўся, цепануў плячыма і адчайна вымавіў: “Вось і ўсё, Валечка, тое, аб чым табе казаў, спраўдзілася хутчэй, чым мы чакалі. Не верыш — глянь у вакно, пад’ехаў УАЗік, хутчэй за ўсё, міліцэйскі”.

 

Жонка, ледзь перастаўляючы ногі, пасуналася да вакна, адхінуўшы шырму, зірнула праз крыху запацелае шкло на вуліцу. Каля іхняга пад’езда сапраўды стаяў міліцэйскі УАЗ.

 

Кабета рэзка павярнулася да спахмурнелага мужа, выракла: “Ідзі ў спальню, Васілёк, дзецям нічога не кажы, сама ва ўсім разбяруся, папярэджу іх, што калі зойдуць міліцыянеры, скажам, быццам цябе некуды паклікалі сябры, а калі вернешся — не ведаем, ты нічога не сказаў”.

 

Васіль сігануў у спальню. Усе селі за стол, напоўнілі шампанскім свае бакалы. Даша сядзела са сваім бацькам. Яна не бачыла, калі яе любімы дзядуля прайшоў у спальню, а да пачатку Новага года засталіся лічаныя хвіліны. У гэты момант зноў завуркатаў матор УАЗіка. Гаспадыня заўважыла, як аўтамабіль развярнуўся і паехаў. Стала ціха. “Выходзь, Васілёк, выходзь, паехалі ўжо міліцыянеры, і садзіся за стол, будзем сустракаць свята”, — гукнула Валянціна свайго гаспадара, дэманструючы прыўзняты настрой. Той не прымусіў сябе чакаць, выйшаў са спальні, памкнуўся да стала, прысеў каля яе, да канца не верачы сказанаму. “Я праўду кажу, — працягвала далей жонка. — Так што не будзем думаць пра кепскае, пераначуем — болей пачуем, давайце лепей вып’ем за тое, каб у наступным годзе спраўдзіліся ўсе нашы добрыя надзеі”.

 

Зазвінеў крышталь бакалаў, усе выпілі, пачалі закусваць. Якраз у гэтую хвіліну ў калідоры меладычна зазвінеў званок. “Няўжо міліцыянеры вярнуліся зноў?” — мільганула думка. Але трэба адчыняць. Гаспадыня ўстала з-за святочнага стала, пасунулася да дзвярэй, адчыніла іх. Погляду паўстала суседка Зіна. Яна адразу пачала віншаваць з Новым годам, жадаць здароўя, дабра і шчасця.

 

Запрасіла яе да стала. Тая не адмовілася. Калі зноў выпілі, закусілі, Валянціна спытала: “А ты часам, суседачка, не ведаеш, чаму каля нашага пад’езда міліцэйскі аўтамабіль  стаяў?”. “Чаму не ведаю, ведаю, — сказала суседка. — Гэта Мішка з трэцяга паверха прыйшоў дамоў у добрым падпітку, пачаў буяніць, вось жонка і выклікала міліцыю, каб ўтаймавала дэбашыра”.

 

Суседка апетытна даела свой кавалак вэнджанай каўбасы, падзякавала за гасціннасць, развітался і пайшла да сваёй сям’і. “Гуляй ды спі спакойна, Вася, — мовіла радасна жонка пасля таго, як зашчоўкнула на замок дзверы, вярнулася за стол. — Ніхто цябе арыштоўваць ужо не будзе, бо ніякага пажару не было. Зразумеў?”

 

Васіль усё зразумеў. Узрадаваны, ён падхапіў на рукі Дашу, пачаў яе цалаваць не звяртаючы ўвагі на слёзы, якія выступілі на расчуленых вачах.

 

Мікола ЛЕЎЧАНКА.


Комментарии к статье


Имя:


Город:


Комментарий:

Внимание! Комментарий появится на сайте после прохождения модерации.


© Общество с ограниченной ответственностью "Газета "ВЕЧЕРНИЙ МОГИЛЕВ". УНП 700008922.
Юридический адрес: 212030, г. Могилев, ул. Первомайская, 89. Телефон 32-71-16.
Свидетельство о государственной регистрации № 800. Выдано Министерством информации Республики Беларусь 24.11.2009г.
Все права защищены. Использование информации допускается только со ссылкой на источник.

Создание сайта Yanina Protskaya